ПАМЯТКА ПА АРГАНІЗАЦЫІ І ЎДАСКАНАЛЕННІ КАНТРОЛЬНА-АЦЭНАЧНАЙ ДЗЕЙНАСЦІ НАСТАЎНІКА
- Праверка ведаў павінна весціся ў адпаведнасці з праграмай, яе рубрыкай «Патрабаванні да ведаў і ўменнем вучняў». Праграма вызначае максімум і мінімум ведаў. У ёй пазначаны аб’екты праверкі, той навучальны матэрыял, які павінен быць засвоены школьнікамі.
- Алгарытм арганізацыі праверкі: настаўнік адбірае матэрыял для праверкі ў адпаведнасці з праграмай, распрацоўвае сістэму пытанняў і заданняў, падбірае неабходныя дапаможнікі і сродкі навучання, загадзя плануе, веды і ўменні якіх вучняў будуць правераны, вызначае метады і формы праверкі.
- Аб’ектыўная і сістэматычная ацэнка (і адзнака) стымулюе работу вучняў, развіццё іх пазнавальных інтарэсаў, садзейнічае рэгулярнаму выкананню работ.
- Пры ўліку ведаў любая работа школьніка павінна быць ацэнена.
Праверку ведаў неабходна праводзіць пастаянна, па ўсіх тэмах праграмы, ахопліваючы пры гэтым значную колькасць вучняў або ўвесь клас у цэлым.
- Адзнакі выстаўляюцца за:
* вусныя адказы пры індывідуальнай праверцы,
* за выкананне практычнай работы,
* пры франтальнай вуснай праверцы за сукупнасць адказаў,
* за выпраўленні і дапаўненні адказаў іншых вучняў,
* за адказы ў працэсе гутаркі пры вывучэнні і замацаванні новага матэрыялу.
- Што правяраць?
* Устанаўліваецца, ці ўвесь праграмны матэрыял засвоены, ці ўсімі названымі ў праграме практычнымі ўменнямі і навыкамі валодае.
* Правяраецца аб’ём, якасць ведаў, трываласць, сістэматычнасць, глыбіня і дзейснасць ведаў, ацэньваецца форма іх выражэння.
* Пры выкананні пісьмовых работ правяраецца не толькі якасць адказу, але і граматнасць напісання.
- Настаўнік абавязаны абвяшчаць адзнаку вучню, які адказвае і ўсяму класу, тлумачыць, чаму пастаўлена тая ці іншая адзнака.
- Адзнака абавязкова каменціруецца. Пры ацэньванні настаўнік павінен коратка адзначыць, у чым станоўчыя і адмоўныя бакі адказу, паказаць, на што трэба звярнуць увагу.
- Настаўнік абавязаны загадзя тлумачыць крытэрыі адзнак, каб вучні ведалі, пры якіх умовах ставіцца тая ці іншая адзнака.
- Пры аналізе адказу настаўнік вызначае:
* ці ўсё расказаў вучань,
* колькі памылак было, якія гэта былі памылкі,
* якія былі дапушчаны недакладнасці,
* ці правільна зразумелы вучэбны матэрыял,
* ці ведае вучань азначэнне паняццяў,
* ці ўмее тлумачыць сувязі і залежнасці,
* даслоўна пераказвае матэрыял ці пераасэнсаваў яго,
* ці ўмее вылучаць галоўнае, аперыраваць ведамі, прымяняць іх для тлумачэння новых фактаў, падзей, лагічна, паслядоўна пераказваць матэрыял.
* наколькі звязна, коратка і ўпэўнена вучань пераказвае матэрыял,
* ці мае патрэбу вучань у навадных пытаннях, падказках.
* ці ўмее выконваць дзеянні, усведамляць сістэму дзеянняў, вусна пералічваць парадак дзеянняў, практычна карыстацца ім.
- Выстаўленне адзнак у дзённікі – абавязак настаўніка!
- Недапушчальна зніжэнне адзнакі і выстаўленне нездавальняючай адзнакі з мэтай пакарання вучня за парушэнне дысцыпліны, забытыя падручнікі, сшыткі, спартыўную форму.
- Праверка носіць навучальны характар. Веды не толькі ўзнаўляюцца і паўтараюцца, але і замацоўваюцца, сістэматызуюцца, удасканальваюцца і паглыбляюцца.
- Навучальныя, кантрольныя, дыягнастычныя заданні павінны перш за ўсё вучыць дзяцей думаць, аналізаваць, прымяняць тэарэтычныя веды на практыцы, а не проста пераказваць матэрыял.
- Праверка носіць навучальны характар – навучанне школьнікаў прыёмам узаемакантролю і самакантролю, фарміраванне патрэбы ў самакантролі і ўзаемакантролі.
- Неабходна сістэматычна праводзіць колькасны і якасны аналіз кантрольных і навучальных работ.
- Памятаеце, што граматна арганізаваная (сістэматычная) зваротная сувязь дасць вам магчымасць зразумець, якія веды і ў якім аб’ёме засвоены, ці працавалі вучні самастойна над засваеннем матэрыялу, ці гатовыя яны да ўспрымання новага матэрыялу.
- Правярайце рабочыя сшыткі, звяртайце ўвагу на культуру пісьмовай мовы, на якасць выкананай работы на ўроку, дома. Суадносіць адзнаку за заданне ў рабочым сшытку з регламенціруемым «Інструктыўна-метадычным пісьмом» аб’ёмам работы.
- Прагназуйце сваю кантрольна-ацэначную дзейнасць на ўроку.
- Не забывайце аб стымулюючай функцыі 10-бальнай сістэмы, старайцеся адзначыць нестандартныя спосабы рашэння, станоўчыя дасягненні школьнікаў.
- Прадумвайце формы апытвання загадзя, у залежнасці ад узроўню падрыхтаванасці вучняў у класе.
- Важна паўрочнае ацэньванне! Неправераныя або непрадуманыя заданні падчас урока прыводзяць да дрэнна выкананых кантрольных работ, да неаб’ектыўных адзнак за чвэрць, год.
- Пры падрыхтоўцы да ўрока настаўніку неабходна старанна прадумаць дыдактычнае забеспячэнне: дыферэнцыраваныя заданні ўсіх 5-ці узроўняў, папярэджанне тыповых памылак, карэкцыйныя заданні па выніках папярэдняй «зваротнай сувязі
- Вашы вучні «выйграюць», калі кантрольная работа па тэме будзе складзена вамі да першага ўрока па тэме: сумесная работа будзе адраснай, якая б’е ў мэту. Значыць, вучні з высокай матывацыяй справяцца з ёй лепш.
- Чаканне апытвання і само апытванне – сітуацыя павышанай трывожнасці для многіх вучняў. Не пагаршайце яе неабдуманымі заўвагамі, недарэчнымі жартамі.
- Дакладна пастаўце пытанне, сфармулюйце заданне. Вучням можа быць штосці незразумелым ў вашых заданнях, пракаменціруйце іх. Недапушчальна гэта толькі ў час кантрольных работ.
- Вучыце рабят быць выхаванымі слухачамі, прызнаваць права чалавека на памылку. Вучань, які адказвае чакае ад Вас разумення і падтрымкі.
- Дзецям патрэбны час на абдумванне дадатковых пытанняў.
- Дзейнасць вучняў, не занятых пры апытванні, павінна быць прадумана (запіс у сшытак кароткіх высноў па нарыхтаваных шаблонах, рашэнне апераджальнага задання і т. п.), інакш гэта страчаны час.