СНІД (сіндром набытага імунадэфіцыту чалавека) – паталагічны стан, які ўзнікае ў выніку заражэння вірусам імунадэфіцыту чалавека (ВІЧ). У хворага пашкоджваецца імунная сістэма і, як вынік, слабнуць ахоўныя сілы арганізма. Упершыню СНІД быў афіцыйна зарэгістраваны ў ЗША у 1981 годзе. У цяперашні час ён распаўсюджаны практычна ва ўсіх краінах свету. Колькасць інфіцыраваных перавысіла дзясяткі мільёнаў чалавек і працягвае павялічвацца.
Крыніцай інфекцыі з’яўляюцца носьбіты вірусу. У іх ВІЧ выяўляецца ў крыві, сперме, сліне, грудным малацэ, слёзнай вадкасці. Перадача захворвання адбываецца пры палавых кантактах, ад маці да плода ў час цяжарнасці і родаў, пры кармленні груддзямі, пры пераліванні крыві, ін’екцыях, выкарыстанні інфіцыраваных медыцынскіх інструментаў і г.д.
Мішэнню для ВІЧ з’яўляюцца клеткі, якія маюць на сваіх мембранах асаблівы рэцэптар.
Медыцына пакуль не мае высокаэфектыўных сродкаў, якія дазваляюць абараніць чалавецтва ад ВІЧ. Распрацаваныя на сёння фармакалагічныя прэпараты і схемы лячэння могуць толькі на некаторы час затрымаць развіццё захворвання. У сувязі з гэтым найважнейшае значэнне набываюць прафілактычныя мерапрыемствы: правільнае выхаванне, абследаванне донараў, прымяненне шпрыцаў разавага карыстання і інш.
У сувязі са смяротнай небяспекай СНІДу ў шэрагу краін прадугледжана крымінальная адказнасць за наўмыснае заражэнне ВІЧ.