Найлепшы адпачынак у час канікул — гэта экскурсіі. Вучні пачатковых класаў мелі магчымасць пападарожнічаць па родным краі. З вялікай цікавасцю дзеці наведалі мемарыяльны комплекс «Драмлёва», на месцы спаленай фашыстамі вёскі, дзе ў страшных муках загінулі 196 мірных жыхароў. Пабывалі школьнікі на радзіме Т. Касцюшкі ў в. Малыя Сяхновічы, дзе наведалі Жабінкоўскі гісторыка-краязнаўчы музей, пазнаёміліся з жыццёвым шляхам ваеннага і палітычнага дзеяча, наведалі залу, экспанаты якой расказалі аб жорсткасці ворага ў адносінах да беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Незабыўным для вучняў стала наведванне вядомага ў вобласці Спаса-Праабражэнскага мужчынскага манастыра ў в. Хмелева. Шмат гістарычных звестак атрымалі навучэнцы аб храме святога Архангела Міхаіла, які знаходзіцца ў аграгарадку Сцяпанкі, дзе айцец Рыгор паведаміў аб тым, што першае ўпамінанне аб існаванні царквы адносіцца да 1619 года. Па дарозе дадому пачаткоўцы спыніліся ля помніка-танка ў в. Пелішча і ўшанавалі памяць воінаў 19-й механізаванай брыгады, якія 22 ліпеня 1944 года вызвалілі вёску ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.