Конкурс «Триумф мастерства»

 Маўленчая размінка  як адзін

са шляхоў удасканалення навыку чытання

Коверзнева І.М., настаўнік пачатковых класаў

Праблема: як прыстасаваць правядзенне маўленчай размінкі да свайго стылю работы, каб павысіць выніковасць адукацыйнага працэсу.

Мэта вопытупавышэнне эфектыўнасці дзейнасці настаўніка па фарміраванні навыку чытання праз арганізацыю і правядзенне маўленчай размінкі на ўроках літаратурнага чытання.

Задачы:

—  ажыццявіць рэфлексію ўласнай практыкі навучання і выявіць праблемы  ў арганізацыі маўленчай размінкі;

—  прааналізаваць выніковасць выкарыстання маўленчай размінкі на ўроках літаратурнага чытання.

Жыццё паказвае, што калі вучань навучыўся чытаць у перыяд навучання грамаце, то ў калектыве класа ён займае віднае месца, верыць у свае сілы, і, наадварот, калі дзіця не авалодвае чытаннем, яно адчувае нейкую непаўнацэннасць, губляе веру  ў свае сілы, у магчымасць паспяхова вучыцца і ў калектыве класа знаходзіцца ў цені. Маральна яно будзе перажываць свой недахоп і не зможа рэалізаваць ў школе свае здольнасці, тое станоўчае, што ў ім закладзена. Хуткасць чытання з’яўляецца  важным фактарам, які ўплывае на паспяховасць. Значыць, неабходна сістэматычная, мэтанакіраваная работа над развіццём і ўдасканаленнем навыку чытання ад класа да класа.

     Асаблівую  ўвагу я  надаю правільнасці чытання, яго выразнасці. Асэнсаванасць становіцца вынікам працы над творам. Для асэнсаванага ўспрымання твораў, якія вывучаюцца на ўроку, праводжу лексічную работу. На ўроку яна пачынаецца з маўленчых размінак.

    Сутнасць майго вопыту заключаецца  ў стварэнні сістэмы работы на ўроку літаратурнага чытання,  якая дае магчымасць настаўніку і вучням рэалізаваць асноўныя прынцыпы фарміравання навыку чытання праз правядзенне маўленчых размінак.

   Маўленчая размінка – гэта сістэма практыкаванняў, накіраваных на правільнае ўзнаўленне складовых структур і слоў, якія могуць выклікаць цяжкасці  ў вучняў пры чытанні тэксту.

   Рэгулярнае правядзеннне маўленчай размінкі выхоўвае ў дзецях упэўненасць, што любыя цяжкасці, звязаныя з чытаннем, могуць быць пераадолены. У момант харавога чытання дзеці паводзяць сябе больш свабодна. Далейшая праца з тэкстам не пужае іх, а насупраць, выклікае цікавасць, успрымаецца як пасільная.

    Маўленчую размінку праводжу ў некалькі этапаў. Спачатку праводжу  практыкаванні для дыхання, таму што правільнае маўленчае дыханне – аснова мовы. На гэтым этапе размінкі вырашаю наступныя задачы: вучу  адрозніваць элементы маўленчага дыхання (удых, выдых, затрымка дыхання, дабор паветра); выпрацоўваю ўменне  рабіць правільны ўдых (носам); развіваю ўменне правільна выдыхаць. Потым праводжу артыкуляцыйныя практыкаванні, мэта якіх “разагрэць” мышцы языка, шчок, губ, што забяспечыць ім найбольшую рухомасць пры гаварэнні (“смачнае варэнне”, “пачысцім зубкі”, “конік”).

   На трэцім этапе маўленчай размінкі  дэманструю сэнсаадрозніваючую функцыю дакладнага артыкулявання гукаў, дабіваюся выразнага вымаўлення падобных  па гукавым саставе слоў або груп слоў, уменне  чуць артыкуляцыйныя недахопы ў сваім і чужым маўленні.

   Пытанні выхавання ў дзяцей дакладнага, выразнага, яснага вымаўлення пачынаю ў перыяд навучання грамаце. У першым класе праводзіцца вялікая работа па развіцці маўленчага апарата навучэнцаў, удасканальванні іх слыхавога ўспрымання. Дадзеную  работу  лічу неабходным праводзіць  на працягу ўсяго навучання ў пачатковых класах.

      Характэрнымі для чытання вучняў малодшых класаў дыкцыйнымі недахопамі з’яўляюцца паўторы, замены, скажэнні, дабаўленні, перастаноўкі, пропускі гукаў, складоў, слоў. Памылкі на пропуск і перастаноўку гукаў у слове адносяцца да ліку найбольш распаўсюджаных. Папярэджанне агульных для чытання малодшых школьнікаў дыкцыйных недахопаў праводжу на ўроках чытання: па-першае,   пры выкананні спецыяльных вымаўленчых практыкаванняў, па-другое, пры чытанні школьнікамі тэкстаў твораў кнігі для чытання.        Імкнуся правільна падабраць дыдактычны матэрыял для трэніровачных вымаўленчых практыкаванняў.  Гэтую ролю выконваюць не ізаляваныя гукі, склады, словы, а цэлыя фразы, якія складаюцца са скорагаворак, лічылак, прыказак, вершаў, загадак і г. д. Усе тэксты, прадназначаныя для размінкі, папярэдне запісваю на дошцы. Слова або граматычную форму выдзяляем падкрэсліваннем.

    Работу па маўленчым  развіцці дзяцей пачынаю ў падрыхтоўчы перыяд пры вывучэнні галосных і зычных гукаў. Асаблівую ўвагу ўдзяляю ўтварэнню, артыкуляцыі і вымаўленню гэтых гукаў. Выкарыстоўваю такія практыкаванні:

1) Доктар глядзіць горла.

Дзяўчынка баюкае ляльку.

На дошцы запіс: А-а-а-а-а.

2) Гульня “Паравоз”.

На дошцы запіс: У-у-у-у-у.

3) Баліць зуб.

О! О! О! О!

     На наступных уроках аб’ём матэрыялу для фанетычнай зарадкі павялічваецца.

    Дзецям вельмі падабаюцца заданні па стужцы літар.  У 2 класе яны ўжо самі прыдумваюць заданні  і з задавальненнем іх выконваюць.

Заданні па стужцы літар:

АОІЕЮЯЭЫЁУОЯЕЮІ

  Называем  гукі хутка па парадку. Называем гукі нараспеў. Называем гукі праз адзін. Называем гукі, якія змякчаюць зычныя. Называем гукі, якія абазначаюць цвёрдасць зычных. Праспяваць на матыў дзіцячай песенькі.

   Вымаўляем гукі, павялічваючы громкасць па нарастаючай, і наадварот, памяншаючы громкасць да шэпту. Прачытаць як верш.

           Для больш эфектыўнай работы прапаноўваецца  некалькі варыянтаў набора  зычных літар.

ФЧМЖДШХЧМКБПРВС

МФТЧСБНПЖЛЧШГХР

ЗСЧКТФТЩДМЛХВДМ

КПШЛЦЗЧКЛНВДЧФТ

ТРГХДКВЧТБЛМНЗК

Дзеці  выконваюць розныя заданнні па стужцы:

  • Вымавіце зычныя гукі адрывіста.
  • Па ўзыходзячай і зноў па сыходзячай.
  • Вымавіце праз 1, 2, 3 літары.
  • Назавіце правільна ўсе літары на стужцы.
  • Прачытайце прамыя склады з галоснай па вашым выбары.
  • Прачытайце адваротныя склады з галоснай па выбары.
  • Прачытайце ў стыле скорагаворкі.
  • Праспявайце прамыя склады на матыў любой песні.
  • Вымавіце толькі зацвярдзелыя зычныя гукі (звонкія, глухія, шыпячыя).

  Добрым матэрыялам для маўленчай гімнастыкі з’яўляюцца, як вядома, скорагаворкі,  багатыя гукавымі паўторамі, валодаюць дакладным рытмам. Яны займальныя па сваім змесце, лёгка запамінаюцца дзецьмі. Работу над скорагаворкамі пачынаю з асэнсавання іх змястоўнага боку.

  У  сваёй практыцы прымяняю наступную паслядоўнасць  правядзення практыкаванняў над скорагаворкай:

  • Замедленае, размеранае, перабольшана дакладнае вымаўленне скорагаворак.
  • Вымаўленне ў звычайным, сярэднім тэмпе.
  • Вымаўленне тэксту ў паскораным, пастаянна паскараючымся тэмпе.

   Чытанне скорагаворкі ў розных тэмпах мовы звязваецца з вымаўленнем,  розным па сіле голасу: шэптам, напаўголасу, гучна; пры гэтым выконваецца агульнае правіла прагаворвання тэксту на выдыху.

   Асобнае месца ў агульным развіцці дзіцяці займае гульня. На ўроках літаратурнага чытання выкарыстоўваю падрыхтоўчыя гульні  і гульні для фарміравання правільнага гукавымаўлення: гульні для развіцця слыхавой увагі; фанематычнага слыху;  маўленчага слыху;  артыкуляцыйнай маторыкі;  фізіялагічнага дыхання;  маўленчага дыхання;   голасу.

       Выкарыстоўваю наступныя гульні на развіццё фанематычнага слыху:

  • “Чырвоны – белы”.

Мэта:  знаходжанне гука ў словах, успрынятых на слых.

Абсталяванне:  па два кружкі  на кожнага вучня ( чырвоны і белы).

Апісанне гульні. Настаўнік прапаноўвае ўважліва слухаць і вызначаць, у якім слове ёсць зададзены гук. Калі ў слове зададзены гук ёсць, дзеці павінны падняць чырвоны кружок, калі няма – падымаюць белы кружок.

  • “Звенит – жужжит” ( по русской литературе).

Мэта: дыферэнцыяцыя гукаў  з-ж.

Апісанне гульні. Выбіраецца вядучы. Ён выходзіць з класа. Астатнія дзеці прыдумваюць кожны па адным слове, у якіх ёсць гук З або Ж. Вядучы, вярнуўшыся, падыходзіць да кожнага дзіцяці, і той называе сваё слова. Калі вядучы чуе ў слове гук З, то ён гаворыць яму “Звенит”, калі чуе гук Ж, то гаворыць “Жужжит”.  Ацэньваюцца і адказы вядучага, і прыдуманыя дзецьмі словы.

   Эфектыўна чытанне скорагаворак з паслядоўным перамяшчэннем у іх лагічнага націску. Практыкаванні арганізуюцца ў форме пытанняў настаўніка і харавых адказаў вучняў: “ Ішла Саша па шашы? Ішла Саша па шашы.  Ішла Саша па шашы? Ішла Саша па шашы. Ішла Саша па шашы? Ішла Саша па шашы.

   Маўленчую гімнастыку праводжу звычайна ў пачатку ўрока, але ў некаторых выпадках і ў сярэдзіне ўрока. Маўленчая зарадка, якая праводзіцца ў пачатку ўрока, накіроўвае вучняў на дакладнае і граматнае вымаўленне на працягу ўсяго далейшага ўрока. Маўленчая размінка ў сярэдзіне ўрока здымае стамляльнасць дзяцей, актывізуе іх увагу да мовы, якая гучыць. Маўленчая размінка павінна не загрувашчваць урок, а злівацца арганічна з усімі іншымі кампанентамі яго структуры.

  Другі накірунак дыкцыйнай работы – гэта ўдасканаленне вымаўлення малодшых школьнікаў у працэсе чытання імі твораў з “Літаратурнага чытання”. Немагчыма павысіць культуру маўлення дзяцей, калі патрабаванні дакладнасці і правільнасці вымаўлення будуць выконвацца толькі ў час трэніровачных практыкаванняў і ігнаравацца пры самастойным чытанні навучэнцаў. Для выпрацоўкі правільнасці чытаемага тэксту карыстаюся папераджальнымі мерамі выпраўлення. Папярэджанне вымаўляемых памылак праводзіцца на этапе падрыхтоўкі да ўспрымання мастацкага твора згодна з  агульнымі патрабаваннямі, якія прад’яўляюцца да слоўнікавай работы на ўроку. Для прагаворвання ўголас з тэксту выбіраюцца толькі тыя словы і словазлучэннні, якія можна тэматычна аб’яднаць і звязаць па сэнсе з апавяданнем настаўніка, гутаркай, карцінай, якую разглядаюць. Словы і словазлучэнні запісваюцца на дошцы, потым у ходзе работы прачытваюцца індывідуальна і хорам.    Вучням даволі складана даецца асэнсаванне адступлення ад патрабаваняў добрай дыкцыі. Указанні на дыкцыйныя недахопы даюцца настаўнікам. У  выпадках такіх памылак, як напрыклад,  недагаворванне слова, скажэнне яго канчаткаў і г.д., спыняю вучня, які чытае, прапаную больш уважліва ўглядзецца ў літарны састаў слова, якое вымаўлялася, і прачытаць яшчэ раз. Многаскладовыя, цяжкія па вымаўленні словы прачытваюцца ўсім класам спачатку па складах, потым у звычайным тэмпе маўлення.

             Доказам эфектыўнасці вопыту з’яўляюцца вынікі паспяховасці. Як бачна з прыведзенай дыяграмы [дадатак 1], ступень навучанасці вучняў па прадмеце мае станоўчую дынаміку.

   Паслядоўнае і сістэматычнае правядзенне маўленчай размінкі на ўроках літаратурнага чытання садзейнічае развіццю пазнавальнай актыўнасці навучэнцаў,  выпрацоўвае дакладнае вымаўленне, правільную артыкуляцыю, увагу, выразнасць, адзіны тэмп чытання, памяць, узбагачае мову, нясе выхаваўчы патэннцыял. Вучні ўпэўнена адчуваюць сябе на ўроках, становяцца больш актыўнымі, больш хутка ўключаюцца ў работу. Дзеці вучацца ў поўнай меры ўспрымаць мастацкі твор, эмацыянальна адклікацца на прачытанае, суперажываць. Развіваецца ўменне працаваць у пары, групе. Правядзенне маўленчай размінкі робіць урок жывым, цікавым, творчым.

  Паспяховасць работы па ўдасканаленні навыку чытання  вызначаецца перш за ўсё  тым, як настаўніку ўдасца стварыць умовы для  актыўнасці вучняў, улічваючы патэнцыяльныя магчымасці, і рэалізаваць уменне далучыць да работы кожнага. А для гэтага неабходна навучыць школьнікаў  правільна дыхаць, кантраляваць вымаўленне гукаў, слоў.

Дадатак 1

Добавить комментарий