Суботнік
Актыўны ўдзел у добраўпарадкаванні прышкольнай тэрыторыі прынялі вучні 5 — 11 класаў.
Актыўны ўдзел у добраўпарадкаванні прышкольнай тэрыторыі прынялі вучні 5 — 11 класаў.
У час канікулаў вучні 1 — 6 класаў нашай школы наведалі Дом рамёстваў у Пружанах.
Цікавай і пазнавальнай стала сустрэча з майстрыхамі, якія займаюцца ткацтвам, салома- і бісерапляценнем, пляценнем з лазы.
Вучні не толькі ўбачылі на свае вочы, як у карпатлівай працы нараджаюцца цудоўныя вырабы, але і паўдзельнічалі ў майстар-класе па саломапляценні.
Наступным прыпынкам экскурсійнай групы стаў сквер, у якім знаходзіцца помнік, прысвечаны памяці воінаў-афганцаў. Уважліва слухалі вучні аповед І. М. Коверзневай пра подзвігі нашых землякоў; пра гісторыю стварэння гэтага памятнага месца.
Захапляльная цыркавая праграма з вясёлымі і знаходлівымі клоўнамі, дрэсіраванымі жывёламі, спрытнымі гімнастамі чакалі ў адзін з канікулярных дзён вучняў пачатковых класаў у Палацы культуры г. Пружаны.
Прадстаўленне пакінула шмат яркіх уражанняў і падарыла ўсім добры настрой.
Найлепшы адпачынак у час канікул — гэта экскурсіі.
Усе вучні з 1 па 11 клас мелі магчымасць пападарожнічаць па родным краі. З вялікай цікавасцю дзеці наведалі мемарыяльны комплекс «Драмлёва», на месцы спаленай фашыстамі вёскі, дзе ў страшных муках загінулі 286 мірных жыхароў, з якіх 124 дзіцяці.
Пабывалі школьнікі на радзіме Т. Касцюшкі ў в. Малыя Сяхновічы, дзе наведалі гісторыка-краязнаўчы музей.
Незабыўным для вучняў школы стала наведванне вядомага ў вобласці храма ў в. Хмелева і мужчынскага манастыра.
Шмат яркіх эмоцый выклікала прафарыентацыйная сустрэча, якая была арганізавана для школьнікаў на Жабінкоўскім камбікормавым заводзе. Вучні маглі праназіраць за ўсім працэсам вырабу прадукцыі прадпрыемства.
29 кастрычніка вучні старшых класаў здзейснілі экскурсію ў Пружанскі аграрна-тэхнічны каледж. Яны наведалі музей Перамогі, даведаліся шмат цікавага і новага пра герояў другой Сусветнай вайны Пружаншчыны, убачылі асабістыя рэчы лётчыка Кажадуба, маршала Жукава і іншых вядомых палкаводцаў. Не менш цікавым было наведванне этнаграфічнага музея. А яшчэ навучэнцы праглядзелі фільм аб УА “Пружанскі аграрна-тэхнічны каледж”, наведалі аўдыторыі каледжа, пазнаёміліся з правіламі паступлення ў навучальную ўстанову.
Пачаліся канікулы, але для многіх вучняў наведванне школы прыносіць вялікае задавальненне. Так, 27 кастрычніка, пачаткоўцы наведалі КТС «Падарожжа па Беларусі». Пабываўшы разам з настаўніцай І. Р. Бяляевай ва ўсіх абластных цэнтрах краіны, вучні вярнуліся з набытымі аб гэтых мясцінах ведамі дадому.
Педагог-арганізатар А. Г. Каляда запрасіла школьнікаў паўдзельнічаць у гульні «Інтэлектуальны аўкцыён». Дзеці з захапленнем адказвалі на пытанні, шукалі выйсце з пэўных сітуацый, даведваліся шмат цікавага.
Суботні дзень, 25 кастрычніка, быў накіраваны на прафарыентацыйнае выхаванне падрастаючага пакалення.
Для вучняў 1 — 4 класаў праводзілася пазнавальная гульня «Кухарская справа — не рамяство, а мастацтва». І. М. Коверзнева прапанавала вучням паглядзець відэазапіс, у якім расказвалася пра прафесію кухара.
На працягу мерапрыемства вучні адгадвалі загадкі, прымалі ўдзел у гульнях «Партрэт», «Адгадай на смак», «Чацвёрты лішні». У рубрыцы «А ці ведаеце вы, што…» пазнаёміліся з гісторыяй узнікнення сталовых прыбораў і некаторых страў.
Вучні сярэдняга звяна наведалі гадзіну разважання «Твая будучая прафесія». Г. А. Менжынская пазнаёміла падлеткаў з прафесіямі, найбольш запатрабаванымі ў нашым раёне. Таксама вучні даведаліся пра ўстановы адукацыі, у якіх можна атрымаць гэтыя прафесіі.
Дапамогу ў рашэнні задач па матэматыцы аказала вучням 4 класа І. Р. Бяляева.
Днямі старшакласнікі школы правялі круглы стол «А можа, не было вайны?» У ходзе пасяджэння былі абмеркаваны пытанні, якія маюць неадназначныя адказы. Разабрацца ў складаных сітуацыях дзецям дапамагаў «эксперт», у ролі якога выступіла настаўніца гісторыі Н. В. Жабрун. Вядучая круглага стала А. Г. Каляда прапанавала для абмеркавання тэмы, якія дапамаглі вучням зразумець вытокі мужнасці беларускага народа, усвядоміць простую і вечную ісціну: мір — гэта вялікае шчасце.
Пашырыць кругагляд, развіць інтарэс да навучання дапамагаюць прадметныя тыдні.
З 20 па 24 кастрычніка ў школе прайшоў тыдзень нямецкай мовы. Школьнікі змаглі паўдзельнічаць у віктарынах і конкурсах, КТС, падрыхтавалі калажы аб нямецкамоўных краінах.
Аднак найбольшую цікавасць вучняў выклікаў лінгвістычны КВЗ, конкурсная праграма па краіназнаўстве, у якой прынялі ўдзел старшакласнікі, і віртуальнае падарожжа па Германіі.
З мэтай выхавання экалагічнай культуры падрастаючага пакалення ў суботу, 18 кастрычніка, вучняў запрасілі на мерапрыемствы экалагічнай накіраванасці. Вучні пазнаёміліся з прадстаўнікамі флоры і фаўны Беларусі, паўдзельнічалі ў экалагічным лато.