Што ў жыцці пакідае самыя непаўторныя і шчымлівыя ўспаміны, калі не дзіцячыя бесклапотныя дні? Ты можаш гуляць у лялькі, бурчаць машынкай у пясочніцы, лавіць матылькоў, мераць лужыны так, каб набраць паверх гумовікаў вады… У гэтым і заключаецца сапраўднае дзіцячае шчасце!
Каб зрабіць яго незабыўным, прыкладаюць намаганні і ў нашым раёне. Зусім нядаўна пры фінансавай падтрымцы ААТ «Пружанскі малочны камбінат» была адкрыта дзіцячая пляцоўка ў раённым цэнтры, каля магазіна «Верас». А напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, дзякуючы кіраўніцтву ААТ «Шані-аграпрадукт», месца для баўлення часу дзетак з’явілася і ў аграгарадку Шані.
Тут было наладжана сапраўднае свята: смачнае марожанае, дзіцячы гульнявы комплекс «Чып і Дэйл», гандаль цацкамі, надзіманыя горкі і многа іншага.
Што да самой пляцоўкі, то я вам скажу: пастараліся зрабіць на славу!
Для падлеткаў, а можа, нават і дарослых, з’явілася варкаўт-пляцоўка.
Для малых — батут, арэлі, футбольныя вароты, дзіцячы гарадок, гушкалкі, баскетбольнае кальцо. А яшчэ… інтэрактыўнае тэлебачанне: хочаш мультфільм паглядзець — усё ў тваім распараджэнні. А вакол прыгожы газон. Любата дый годзе!
Пасля гучання Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь слова было дадзена дырэктару ААТ «Шані-аграпрадукт» Аляксандру Якімаўцу. Падчас выступлення Аляксандр Пятровіч нагадаў жыхарам і гасцям пасёлка, што некалі ўсе былі дзецьмі, глядзелі на гэты свет непасрэднымі вачамі і марылі… А цяпер у нас ёсць магчымасць зрабіць дзіцячыя гады ўжо сваіх гарэз незабыўнымі, прыкладам чаго і з’яўляецца пляцоўка «Вясёлы дворык», якую гаспадарка купіла і сваімі сіламі ўсталявала.
Першы намеснік старшыні — начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Сяргей Глушко адзначыў, што здароўе нацыі — гэта адзін з галоўных крытэрыяў у нашай краіне. І ў дзетак з Шанёў з’явілася цудоўная магчымасць не проста бавіць час, а яшчэ і аздараўляцца. Сяргей Аляксандравіч выказаў спадзяванне, што зробленая сельгаставарыствам пляцоўка праслужыць доўга і з карысцю.
Ад імя жыхароў аграгарадка выступіла намеснік дырэктара гаспадаркі па ідэалагічнай рабоце Хрысціна Асіпчук:
— Віншую ўсіх са знакавай падзеяй. Цяпер дзеткам будзе месца для сустрэч, цікавых гульняў. Хацелася б, каб пляцоўка «Вясёлы дворык» была толькі стартам і ААТ «Шані-аграпрадукт» працягвала работу ў гэтым напрамку. А пакуль будзем берагчы тое, што ўжо маем.
І разышліся па хатах? Не! Дзякуючы кіраўніцтву ААТ «Шані-аграпрадукт», свята на гэтым не скончылася. Казачныя героі запрасілі ўсіх дзяцей на гульнявую праграму «Усміхнёмся сонечнаму дню», а жыхары і госці аграгарадка былі запрошаны на канцэрт «Мы дорым вам цеплыню душы», з якім прыехалі ў Шані работнікі Аснежыцкага раённага цэнтра культуры і адпачынку Пінскага раёна.
Жыць для сябе і клапаціцца толькі пра сябе — справа марная. І зусім іншая, калі прыкладаеш усе намаганні для таго, каб аддаць часцінку сябе, напрыклад, дзеткам. Яны ж маюць поўнае права на дзяцінства, якое ў нашых сілах зрабіць светлым і непаўторным.
Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік Архіў газеты «Раённыя будні»